СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

навука, якая вывучае паводзіны розных матэрыялаў пад дзеяннем прыкладзеных нагрузак; вызначае трываласць, жорсткасць і ўстойлівасць дэталей машын, элементаў канструкцый і збудаванняў. Грунтуецца на законах і вывадах тэарэтычнай механікі, тэорыях паўзучасці, пластычнасці і пругкасці (гл. адпаведныя арт.), у эксперым. частцы выкарыстоўвае палажэнні матэрыялазнаўства.

Асн. задачы С.м. — падбор матэрыялу і вызначэнне памераў канструкцыйных элементаў, якія забяспечваюць патрэбную эксплуатацыйную надзейнасць і даўгавечнасць тэхн. аб’ектаў. Гал. разліковымі характарыстыкамі з’яўляюцца дэфармацыі і напружанні механічныя, колькасныя характарыстыкі якіх у пэўным пункце залежаць ад прынятай формы элемента, лікавага значэння і спосабу прыкладання знешняй нагрузкі. З дапамогай С.м. робяць інж. разлік бэлек, стрыжняў, валоў, пліт, абалонак, арак і інш. Заснавальнікам С.м. лічыцца Г.Галілей. Асн. закон С.м. (Гука закон) адкрыты Р.Гукам. Значны ўклад у С.м. зрабілі рас. вучоныя Л.Эйлер, Дз.​І.​Жураўскі, М.​М.​Бяляеў, В.​З.​Уласаў, Ю.​М.​Работнаў і інш., франц. інж. і вучоны Л.М.А.Наўе, а таксама бел. вучоныя Я.Ф.Вінакураў, Я.М.Макушок, І.А.Прусаў, Г.К.Татур і інш.

Літ.:

Тимошенко С.П. История науки о сопротивлении материалов: Пер. с англ. М., 1957;

Татур Г.К. Курс сопротивления материалов. Ч. 1—3. Мн., 1962—66;

Беляев Н.М. Сопротивление материалов. 15 изд. М., 1976;

Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988.

І.​І.​Леановіч.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)